ДЫЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ НАГРЭ́Ў,

награванне дыэлектрыкаў у пераменным эл. полі. Абумоўлены дыэлектрычнымі стратамі. Мае высокую хуткасць і раўнамернасць разагравання матэрыялаў з нізкай цеплаправоднасцю. Пры частотах да 300 МГц праводзіцца ў полі кандэнсатара; пры звышвысокіх частотах — у полі аб’ёмнага рэзанатара ці выпрамяняльніка; напружанасць эл. поля ў прамысл. устаноўках да 3000 кВ/м. Выкарыстоўваецца для высушвання матэрыялаў (драўніны, паперы, керамікі і інш.), зваркі пластмас, награвання пластмас перад прасаваннем, пры склейванні драўніны і інш.

т. 6, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)